Зьявіліся Выхадныя рэґлямэнтныя табліцы Попісу люднасьці РБ 2009. Мяне цікавяць тамака прадусім табліцы 5.8. — 5.11., дзе ўрэшце пададзеныя зрэзы ўсіх нацыянальнасьцяў водле роднай, ужытковай, іншых моваў, ґендэру й вясковасьці/месьціцтва. Літвіны, палешукі й палешчучка — напрыканцы сьпісу нацыёнімаў. Неяк аналізаваць той буйны масыў дадзеных бракуе часу й ня той настрой. Хіба каротка.
1) Колькасьць літвінаў для мяне не пакідае сумневу ў фальсыфікацыі дзіўнай падачы вынікаў: толькі сярод уласных (!) знаёмых і знаёмых знаёмых я за месяц налічыў лічбу асобаў мужчынскага полу, якія дакладна запісаліся тады літвінамі, больш чымся ўдвая большую за афіцыйную лічбу па ўсёй краіне! Сьмешнавата й сумнавата: адчуваньне, нібы ад сапраўдных лічбаў адкідалі ў беларусы соткі й тысячы, пакуль ні атрымаліся ў выніку некалькі дзясяткаў літвіноў на ўсю краіну — гэнкай сякернай фальсыфікацыяй дзіўнай падачай вынікаў і магу вытлумачыць скрайне фантастычную ґендэрную дыспрапорцыю, калі на 1 літвіна ажно 4 літвінкі. Дзякуй дзяржаве беларускай за такі падарунак — анцілітвінскі чын і сумніўнасьць зьвестак па літвінох не відавочная хіба што для несьвядомых дурняў і сьвядомых маняў.
Водле моўнае прыкметы, «статыстычныя літвіны» — спрэсь беларускароднамоўныя (за выняткам 1 — польская мова, 1 — расейская) і найбольш беларускамоўныя ў паўсюдзённым ужытку з усіх нацыянальнасьцяў РБ :) Не зразумеў, якую мову навукоўцы палічылі для літвіноў за «мову сваёй нацыянальнасьці»: у 5.8-9. табліцах «моваю сваёй нацыянальнасьці» для літвіноў пазначаная беларуская, а ў 5.10. лічбачкі пазначаныя і ў слупку «беларуская мова», і ў слупку «мова сваёй нацыянальнасьці» (мусіць «літвінская мова») :)
2) Дужа падазронна выглядаюць лічбы па палешукох (9+4) ды палешчучцы (0+1): гэта выключныя нацыёнімы — ў дужках пазначана «с родным языком белорусским»; і як разумець, што 2 палешука «с родным языком белорусским» тамака-ж роднай моваю маюць расейскую, а 1 — «іншую» (паляшуцкую?)? Тыя-ж заўвагі да «мовы сваёй нацыянальнасьці», што і ў літвіноў. Аспрэчваць колькасьць палешукоў, не валодаючы пытаньнем, ня маю падставаў; але мусіць падавацца дзіўным, што з усяго Краю толькі 1 паляшук меркавана пазначыў сваю мову як «паляшуцкую» (ці ўвогуле — ніхто гэнак не пазначыў).
3) Літоўцаў з роднай моваю беларускай блізка як літоўцаў з роднай моваю літоўскай, і меней за літоўцаў расейскамоўных. 2133 асобы нібыта пазначылі «две и более национальности». Як хто пазначыў ся крывічам — меркавана патрапілі ў пункт «другая национальность» (973)…
Вашему вниманию — срезы согласно национальностей…