Andrej Ludwik Mikałajeŭ OPs (Wojsza) (nicolaev) wrote in by,
Andrej Ludwik Mikałajeŭ OPs (Wojsza)
nicolaev
by

Ты забіваеш безабаронных, бо страх забівае цябе

Цяжка сказаць, у якой ступені аповед пра забойства віфлеемскіх немаўлят, наяўны ў другім раздзеле Дабравесця паводле Мацвея, адлюстроўвае рэальныя падзеі. Няма сумневу, аднак, што ён цалкам адэкватна перадае стыль вядзення палітыкі старэючага тырана. Евангелле паводле Мацвея паўстала ў асяроддзі юдэа-хрысціян, якія былі вялікімі патрыётамі Ізраіля… Пасус пра віфлеемскую разню трэба чытаць як «нямы крык» тых юдэйскіх патрыётаў з першага стагоддзя, у якіх амаль нічога, апрача плачу і ўздыхання па «лёсе Божай гары» не засталося…

А. Пётра Рудкоўскі OP «Страх тырана»

«Хто такі Ірад і якая яго роля ў гісторыі «юдэйскага няшчасця»? Па-першае, Ірад — гэта чалавек не юдэйскага паходжання, які, аднак, замацаваўшы ўладу ў Юдэі, Галілеі і Батанэі, апрануў маску «вызнаўцы юдаізму», не змяніўшы сваёй ментальнасці. Свой «юдаізм» ён мог паспяхова спалучаць з рэгулярным парушэннем усіх асноўных запаведзяў юдаізму. Да яго добра б пасавала найменне «юдэйскі гой» водле аналогіі да сучаснага феномену «праваслаўнага атэізму» або «каталіцкага атэізму».

Па-другое, Ірад быў абраны «царом юдэяў» не юдэямі, а рымскім сенатам. Сталася гэта тады, калі Антыгон, юдэй-патрыёт, зрабіў спробу здабыць уладу ў Юдэі, а Ірад, з маленства звыклы ўладарыць, не захацеў з гэтым змірыцца і з дапамогай акупантаў захапіў уладу для сябе.

Па-трэцяе, Ірад, захапіўшы ўладу ў Юдэі, не цураўся ніякіх метадаў яе замацавання. Ахвярамі яго паранаідальнага страху згубіць уладу сталі — між іншымі — ягоная жонка Марыямнэ (юдэйка-арыстакратка, да якой Ірад, дарэчы, быў пачуццёва вельмі прывязаны), а таксама брат і двое сыноў.

Па-чацвёртае… што ж, Ірад быў не толькі спрытным палітыкам, але і «мадэрнізатарам» падлеглых яму абшараў. Аднаўленне і велічнае ўпрыгожанне ерусалімскай святыні, стварэнне спраўнай сістэмы пастаўкі вады ў Ерусалім, пабудова цвярдыняў Масады і Іродыюма — гэта своеасаблівыя падарункі Ірада юдэйскаму народу, якія, несумнеўна, спаўнялі важную прапагандысцкую функцыю і легітымізавалі ягоную ўладу ў вачах юдэяў…»

Ірадаву палітыку трапна скаментаваў старажытны хрысціянскі пісьменнік Кводвультдэус: «Ты забіваеш безабаронных, бо страх забівае цябе». Аповед пра віфлеемскую масакру, аднак, з’яўляецца нечым большым, чым «нямым крыкам» юдэйскіх патрыётаў. Праз гэты аповед яны дзеляцца сваім вялікім адкрыццём: бездапаможнае немаўля можа перамагчы ўсемагутнага тырана! Яны намагаюцца паказаць, наколькі слабою з’яўляецца «моц» тыранічнай улады і наколькі моцнай з’яўляецца «слабасць» міралюбнага і чалавекалюбнага валадара. Яны пераконваюць, што перамагчы тыранію насамрэч вельмі лёгка: дастаткова жыць у праўдзе і вызваліцца ад страху.

Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 0 comments