Зянон Пазьняк: ВАЙНА З НАЦЫЯЙ І ВАЙНА З ВАР’ЯТАМ
Галоўнае пытаньне цяпер – выратаваньне жыцьця Сяргея Каваленкі. Сытуацыя мне бачыцца наступным чынам. Сяргей з галадоўкі ня выйдзе. Ён не зрабіў ніякага злачынства і глыбока адчувае сваю праўду. Подласьць рэжымных бандзюг, якія ноччу ўварваліся ў ягоную хату, схапілі яго ні за што і сфабрыкавалі справу, мярзотныя паводзіны суддзі, якая цынічна судзіла яго за нішто, хлусячы і слухаючы хлусоў – усё гэта глыбока ўразіла ягоны гонар і згаджацца з цемрай ён ня будзе. Усе ягоныя патрабаваньні справядлівыя...
Жыцьцё Сяргея Каваленкі залежыць цяпер ад вярхоўнага злачынцы. Ведаючы хворую натуру ўзурпатара, разумею, што ён перажывае ў гэты момант сваё цёмнае шчасьце, свой крымінальны “кайф”, трымценьне душы ад усьведамленьня ўлады над чалавекамі. Шансы Каваленкі на жыцьцё тут роўныя нулю. Шанс ёсьць толькі ў вусатага ўзурпатара, калі ён усьведаміць, што забойства Каваленкі можа стацца для яго апошнім у цёмным ягоным жыцьці, і прыме рашэньне аб вызваленьні Сяргея з турмы.
Ёсьць сэнс у шырокай інфармацыі пра становішча і ўчынак Сяргея Каваленкі, пра адносіны цёмнага рэжыму да ягонай асобы і да ягонага жыцьця. Ёсьць сэнс у зваротах да ўсіх рэжымных інстанцыяў, бо гэта стане сьведчаньнем іхняй пазыцыі і прыналежнасьці да падзей. Ёсьць сэнс зьвяртаньня да вядомых асоб, інстытуцый і знаных людзей, бо гэта можа стацца сьведчаньнем салідарнасьці іх зь Беларусяй...