Рок-канстатацыя: разгром беларускага рок-руху (фотарэпартаж)
Уладзімер Пугач гурт J:морс на “Рок-Каранацыі”
Вы хоць уяўляеце, што здарылася? Нацыянальны рок-рух разгромлены практычна цалкам. Гэта канстатавала сёлетняя цырымонія “Рок-Каранацыі”, якую арганізатары ўпарта называюць фестывалем. Падзея, якая калісьці была галоўнай у музычным жыцці краіны і даволі аб’ектыўна адлюстроўвала стан рэчаў у гэтай сферы, ператварылася ў дробны міжсабойчык. Зрэшты, тым самым яна і працягвае адлюстроўваць стан рэчаў.
У маладзечанскім Палацы культуры сабралася блізу 400 чалавек, з палову залы. Яшчэ за дзень да мерапрыемства арганізатары думалі яго адмяніць. Адміністрацыя Палаца папярэдзіла, што на сцэне не мусіць быць адыёзных асобаў, у тым ліку меркаванага госця Аляксандра Кулінковіча. Не праводзіць “Каранацыю”, мусіць, было б слушным крокам з боку Цыбіна і Кашырына, бо градус нахілу незалежных музычных дзеячаў ужо дасягнуў максімальнай адзнакі. Раней асцерагаліся толькі некаторых гуртоў, а цяпер яшчэ і канкрэтных асобаў. Але вырашана было ўсё ж не падводзіць тых, хто ўжо набыў квіткі. “Мы зрабілі ўсё, што змаглі”, – толькі і здолеў патлумачыць расціснуты на выгляд заснавальнік цырымоніі-фестывалю Юры Цыбін.
Фотарэпартаж
