Нагадваем чытачом, што ўжо заўтра, у 1ю суботу ліпеня -- 07.07.12. (завяршальны дзень урачыстасцяў на гонар МБ Будслаўскай, Каралевы Беларусі, вігілія ўрачыстасці МБ Тракельскай у санктуарыі НПМ у Тракелях) -- а 18:30 гадзіне ў Архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (Менск, пл. Свабоды, 9) і а 20:00 гадзіне ў касцёле Божага Провіду ў Слабодцы Браслаўскага дэканату (за гэта дзякуй вялікі кс. Сяргею Сурыновічу) мае адбыцца Імша за Айчызну і Св. Эўхарыстыя ў інтэнцыі ўрачыстага прысвячэння народу нашага і краіны Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі, навяртання Народу Беларускага і вызвалення Беларусі ад усялякага духоўнага і маральнага зла. Запрашаем і вас да ўдзелу -- прынамсі праз падтрымку душэўную, малітоўную і лучнасць у духу.
«Мы ляжым у сораме сваім, і сорам наш пакрывае нас,
бо мы грашылі перад Госпадам Богам нашым, --
мы і бацькі нашыя, з маладосьці нашай і да гэтага дня, --
і ня слухаліся голасу Госпада Бога нашага.»
(Ер 3:25)
Да тэмы навяртання варта працытаваці з астатняга эсэ Паўла Севярынца: "«Магілёўцы» — так па-простаму называецца пружанскі псіхіятрычны шпіталь... Цяпер замест гісторыі краіны тут пішуць гісторыі хваробы. Як так атрымалася: усе вакол у белым, беларус у сябе дома, але ў беларуса дома не ўсе?..
Насамрэч гісторыя Беларусі надзвычай простая. Верылі ў Хрыста, любілі бліжняга, імкнуліся да волі — былі моцныя. Забывалі Бога, сварыліся, апускалі рукі — правальваліся. «Хроніка Быхаўца» фіксуе гэтую заканамернасць адкрытым тэкстам. А мы, «сучасныя», схільныя па-савецку спісваць маральныя высновы гісторыі на «адсталы светапогляд»...
Дастаткова двух ці трох, сабраных у імя Хрыстова, каб і Ён, Хто ацаляў псіхаў адным дотыкам ды нават мёртвых падымаў з магілаў, стаў побач. Свет палічыць, што ты звар’яцеў? Але каб уся Беларусь, жывы летапіс сэрца Еўропы, не ператварылася ў суцэльныя Магілёўцы, камусьці трэба ссунуць свой абывацельскі дах набакір і зрабіць тое, што прапісана ў Евангеллі: адрачыся ад сябе, узяць крыж свой і проста ісці за Ім".