А. Пётр Рудкоўскі ОР - "Чаму хрысціяне не падпальваюць пасольствы?"
Насамрэч гэта пытанне не да хрысціян. Той хрысціянін, які ўсведамляе сваю веру і сваю годнасць, добра ведае адказ. Адказ выдатна прачытваецца ў дзвюх кароткіх фразах нашага Збаўцы: «Схавай меч» (скіравана да Пятра) і «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што чыняць». Для хрысціяніна справа зразумелая: блюзнерцы патрабуюць больш спачування, чым пакарання.
Мяне здзіўляе іншае. Чаму над гэтым пытаннем не задумаюцца самі ідэолагі так званай «свецкай культуры» і «рацыянальнага светаўладкавання», асабліва вызнаўцы аксіёмы (а такіх вызнаўцаў багата!), што Касцёл або Царква — гэта бастыён дагматызму і нецярпімасці? Для многіх ідэолагаў секулярызму довадам «нецярпімасці» з’яўляюцца мірныя пратэсты хрысціян супраць такіх праяваў «мастацтва», як «Пікнік на Галгоце» або «Код да Вінчы».
А калі ў мінулым годзе ў Авіньёне адзін з хрысціянскіх пратэстуючых пашкодзіў фотаздымак Андэрса Серана (на якім паказана распяцце Хрыста, акунутае ў... прабачце, урыну), то падняўся сапраўдны лямант: як можна нішчыць мастацкі твор! Гэта ж рэлігійны экстрэмізм! Варварства! Інквізіцыя! Аўтар так шмат творчай сілы ўклаў у тое, каб стварыць такі шэдэўр, а тут нейкі хрысціянскі фанатык асмеліўся гэты твор апаганіць!"...