— Якой Вы бачыце далейшае суіснаванне польскасці і беларускасці ў Касцёле ў Беларусі?
— Я прыйшла да высновы, што польскасць і беларускасць не выключаюць адна адну, а ўзбагачаюць і ўзаемадапаўняюць. У моладзі няма антаганізму паміж польскай і беларускай мовай, як і паміж польскай і беларускай нацыянальнасцю. Моладзь будуе ўласную тоеснасць на абедзвюх традыцыях — польскай і беларускай. Нацыянальная ідэнтыфікацыя католікаў Беларусі, нават паблізу яе заходняй мяжы, перажывае сёння трансфармацыю, і толькі найстарэйшае пакаленне католікаў атаясамлівае каталіцызм з польскасцю.
Відаць, менавіта таму той факт, што сёння польская мова адыходзіць з гэтай сферы, успрымаецца эмацыйна і з пачуццём крыўды, выклікаючы міжвольнае абурэнне католікаў з польскай нацыянальнай індэнтыфікацыяй.
Я хачу падкрэсліць, што палякі і беларусы павінны мець магчымасць удзельнічаць у польскамоўных набажэнствах, слухаць польскія казанні, спяваць польскія песні, здзяйсняць па-польску сакрамэнт пакуты. Аднак беларускія католікі, якія маюць польскую нацыянальную індэнтыфікацыю, павінны разумець, што прысутнасць польскай мовы ў Касцёле ў Беларусі не зможа выхаваць іх дзяцей у польскім духу, калі гэтая традыцыя не захавалася ў сям'і.
http://catholic.by/2/libr/interview/115585-mova-u-kasciole.html