Andrej Ludwik Mikałajeŭ OPs (Wojsza) (nicolaev) wrote in by,
Andrej Ludwik Mikałajeŭ OPs (Wojsza)
nicolaev
by

Ліст Святога Айца да легата на юбілейныя ўрачыстасці ў Будславе

"Ліст Святога Айца Францішка да свайго спецыяльнага легата
на юбілейныя ўрачыстасці ў Будславе кардынала Жана-Луі Тарана"

-------

Вялебнаму Брату Нашаму,
кардыналу Святога Каталіцкага Касцёла Жану-Луі Тарану,
Старшыні Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу

Паколькі Каталіцкі Касцёл у Беларусі ўключыў у Год веры падрыхтоўку да свята і само святкаванне чатырохсотгоддзя таго памятнага дня, калі з Рыма ў Будслаў быў дастаўлены славуты абраз Святой Багародзіцы, надараецца найлепшая нагода падтрымаць у краіне культ і ўшанаванне Беззаганнай Панны, а таксама новую евангелізацыю.

З Божай волі нядаўна ўзведзеныя на пасад Наступніка святога Пятра, Мы знайшлі хадайніцтва Вялебнага Брата Мітрапаліта арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча, які пакорліва прасіў найяснейшага папярэдніка Нашага Бэнэдыкта XVI прыслаць дзеля гэтай нагоды ў Будслаўскі санктуарый Нашага спецыяльнага легата. Мы ахвотна задавальняем гэтую просьбу і для выканання такой пачэснай місіі з увагі на тое, што ты ўжо шмат гадоў з’яўляешся адданым і верным супрацоўнікам Нашым, запаленым любоўю да Касцёла, прызначаем цябе, Вялебны Браце Наш, НАШЫМ НАДЗВЫЧАЙНЫМ ПАСЛАННІКАМ.

Як Наш намеснік 5–6 дня наступнага месяца ліпеня ў Будславе ты ўзначаліш літургічныя абрады і ад Нашага імя сардэчна прывітаеш згаданага святога Пастыра і іншых Вялебных Братоў у біскупстве, святароў, сяброў Ордэна братоў меншых, законнікаў і законніц, грамадзянскіх і дзяржаўных кіраўнікоў, пастыраў і вызнаўцаў Праваслаўнай Царквы ды іншых хрысціянскіх супольнасцяў і ўсіх сабраных там пілігрымаў.

Мы жадаем, каб з гэтай шчаслівай нагоды былі ўзвялічаны адмысловыя цноты і духоўныя скарбы Найсвяцейшай Багародзіцы Марыі, «Дзевы, учыненай Касцёлам і абранай Найсвяцейшым Айцом Нябесным, якую Ён асвяціў разам з Найсвяцейшым умілаваным Сынам сваім і Святым Духам Суцяшальнікам, у якой была і ёсць уся паўната ласкі і ўсялякае дабро» (Св. Францішак Асізкі, Вітанне благаслаўлёнай Панны Марыі, 1-3).

Мы самі радуемся гэтай выдатнай падзеі, найбольш таму, што будслаўская святыня бачыць новы век пабожнасці і рэлігійнасці народа, стаўшы Нацыянальным санктуарыем Беларусі і мэтаю пілігрымак, якія зблізку і здалёк едуць і ідуць пешшу, каб у розных патрэбах прасіць мацярынскага заступніцтва Багародзіцы.

Мы атуляем тваё пасланніцтва Нашымі малітвамі і разам з усімі вернікамі асабліва молім нябесную Каралеву, ясную Зорку новай евангелізацыі, аб супакоі, які можа даць толькі Езус Хрыстус. Нашае Апостальскае благаслаўленне, як спавяшчэнне Божай ласкі і сведчанне Нашай прыхільнасці і любові, найперш Мы ўдзяляем табе, Вялебны Браце Наш. А ты ўдзялі яго ўмілаванай супольнасці Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, яе рупліваму Пастыру і ўсім удзельнікам святых урачыстасцяў.

У Ватыканскай сядзібе, 29 мая 2013 года, у першы год Нашага Пантыфікату.

Францішак

Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 0 comments