«Памятайце пра вязняў, як быццам і вы разам з імі былі зняволенымі, і пра знаходзячыхся ў бедах, бо і вы самі маеце цела. Дык трэба, каб з даверам казалі: „Госпад — Успаможца мой, не збаюся, бо што зробіць мне чалавек?“. Памятайце пра настаўнікаў вашых, якія абвяшчалі вам Слова Божае і, сочачы за ходам іхняга жыцця, будзьце іхнімі пераймальнікамі ў веры. Езус Хрыстос той самы ўчора, сёння і на векі» (Габ. 13:3,6-8).
На нядзелю 4 жніўня 2013-га прымеркаваны супольны Дзень ахвяры за кс. Уладзіслава Лазара, пробашча з Барысаву, які фактычна бяз вестак знікнуў напачатку лета. У гэты дзень каталікі зазвычай узгадваюць св. Яна Марыю Віянэя, пробашча з Арс, пакутніка і патрона ўсіх пробашчаў Рымскага Касцёлу. У гэты-ж дзень шмат вякоў Касцёл ушаноўваў (а ў некаторых парафіях ушаноўвае і дагэтуль) св. Дамініка, сябра, улюбёнага сына і давераную асобу Каралевы Святога Ружанца. У гэты дзень каталікам і людзям добрай волі прапануецца спрычыніцца/далучыцца да розных пабожных і малітоўных чынаў у інтэнцыі кс. Уладзіслава Лазара і простага Божага ўмяшання ў ягоную справу…