Блондинка любит кино, кухню и кататься (tuteyshaya) wrote in by,
Блондинка любит кино, кухню и кататься
tuteyshaya
by

Брэст-2019. Першыя вынікі абмеркаваны

Оригинал взят у starcom68 в Брэст-2019. Першыя вынікі абмеркаваны
Пытанне далейшага лёсу Брэсцкай крэпасці наспела даўно, пытанне, якое абмяркоўвалася ад выканкамаўскіх кабінетаў да ліберальных кухань, але больш-менш сістэма ў пошуках адказу пачала прыходзіць з 2012 г., калі распачаў працу па ініцыятыве ўраджэнца Брэста, расійскага бізнэсмэна Уладзіміра Мікуліка, вялікі праект “Брэст-2019”, у межах якога была пастаўлена для вырашэння няпростая задача: стварыць на тэрыторыі крэпасці міжнародны гісторыка-культурны турыстычны цэнтр, які будзе здольны прыцягваць вялікую колькасць наведвальнікаў, як з захаду, так і ўсходу, цэнтру, які стане папулярным і сярод беларусаў не меньш чым Нясвізскі і Мірскі замкі.

Задачы пастаўлены, з вырашэннем іх трэба не марудзіць. Таму і пачала працаваць ў межах праекта група па інвентарызацыі і дакументацыі крэпасці пад кіраўніцтвам археолага і гісторыка фартыфікацыі Аляксея Старкова (г. Ізборск), куды ўвайшлі спецыялісты розных накірункаў дзейнасці і з розных краін. Так сталася, што поруч працавалі спецыялісты з Беларусі, Расіі і Літвы. Працавалі эфектыўна, прафесійна, вынікам чаго сталі навукова-тэхнічныя справаздачы па дакументацыі крэпасці (пералік архіўных дакументаў, прысвечаных крэпасці і перыяду, які папярэднічаў яе ўзвядзенню) і інвентарызацыі усіх матэрыяльных аб’ектаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Праца па дакументацыі выканана Ўладзімірам Арловым, гісторыкам фартыфікацыі, кіраўніком Цэнтра ваеннай спадчыны Літвы ў г. Коўне, інвентарызацыя, а гэта фіксацыя аб’ектаў, як вядомых, так і выяўленых, з наступным іх аналізам, была выканана групай спецыялістаў, і ў першую чаргу спецыялістаў з Брэста, пад агульнай каардынацыяй Аляксея Старкова. Хочацца адзначыць, што неацэнную дапамогу ў працы па фіксацыйных абмерах нерухомых матэрыяльных аб’ектаў аказала выкладчыца архітэктурнага факультэта Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта Ганна Кароза. І яшчэ нельга не ўзгадаць, што падтрымана праца была і з боку мясцовых выканаўчых органаў, і з боку адміністрацыі і супрацоўнікаў мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”.

А ўвогуле, калі гаварыць пра праект “Брэст-2019”, то яго старту папярэднічала яшчэ адна ініцыятыва, якая таксама ўзнікла пры падтрымцы Ўладзіміра Мікуліка і аб’яднала вакол сябе шэраг спецыялістаў у галіне архітэктуры, гісторыі, краязнаўства, тых, хто неабыякавы да гісторыі і культуры свайго гораду, да яго спадчыны. Гэта інтэрнэт-партал ibrest.ru , дзе адкрыта, для ўсеагульнага доступу выстаўляюцца ўнікальныя архіўныя дакументы па гісторыі гораду і крэпасці, даследчыя матэрыялы, унікальная графіка і шмат чаго іншага. Менавіта гэты сайт стаў сапраўдным дапаможнікам для правядзення даследаванняў у галіне гісторыі архітэктуры і горадабудаўніцтва тысячагадовага гораду. І ёсць усе падставы для гонару, бо рэдактарам рэсурса з’яўляецца кіраўнік Брэсцкага абласнога аддзялення Таварыства аховы помнікаў, архітэктар Аляксандр Жаркоў.

І вось, праца па інвентарызацыі і дакументацыі завершана, трэба рухацца далей, трэба вызначаць, якім чынам матэрыялы працы могуць быць карысны не толькі працаўнікам праекту, але і навуковай супольнасці, якая займаецца гісторыяй гораду і крэпасці, як матэрыялы можна выкарыстоўваць у музейнай справе, навучальным і выхаваўчым працэсе. Для прэзентацыі матэрыялаў інвентарызацыі і для пошуку адказаў на вышэйпастаўленыя пытанні 05.11.2013 быў скліканы круглы стол, які адбыўся ў канферэнц-зале брэсцкага гатэлю “Эрмітаж”. Акрамя прэзентацыі вынікаў навукова-даследчых прац па інвентарызацыі і дакументацыі і іх абмеркавання, на круглым стале прадстаўляліся перспектыўныя прынцыпы інтэрпрэтацыі страчанай спадчыны сярэднявечнага Берасця ў межах перспектыўнай рэгенерацыі гісторыка-культурнай каштоўнасці “Комплекс фартыфікацыйных збудаванняў Брэсцкай крэпасці”, якія былі падрыхтаваны спецыялістамі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

З боку ўдзельнікаў праекта ў круглым стале прынялі ўдзел ініцыятар праекта, заснавальнік Фонду развіцця Брэсцкай крэпасці Ўладзімір Мікулік, дырэктар праекта “Брэст-2019” Іна Прыляжаева, эксперт групы дакументацыі і інвентарызацыі праекта Ўладзімір Арлоў, кіраўнік вышэйназванай групы Аляксей Старкоў, кансультант праекта Аляксандр Жаркоў, архітэктар групы інвентарызацыі Ганна Кароза, эксперт праекта Антон Астаповіч і інш. удзельнікі праекта. Для абмеркавання былі запрошаны прадстаўнікі ўніверсітэцкай супольнасці Брэста, было прадстаўніцтва аблвыканкаму, мемарыялу “Брэсцкая крэпасць-герой”, прафесійнай архітэктурнай і рэстаўрацыйнай супольнасці і сродкаў масавай інфармацыі.

Па выніках прэзентацый адбылася дыскусія, у ходзе якой было вызначана, што матэрыялы інвентарызацыі з’яўляюцца неацэнным дакументам для даследчыкаў гісторыі архітэктуры і горадабудаўніцтва Брэста і крэпасці, дадзеныя матэрыялы павінны быць адкрытымі, для чаго пасля выпрацаваных прынцыпаў па іх выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы ўжытак, яны павінны быць апублікаваны, магчыма нават і ў электронным варыянце. Дасягнуты папярэднія дамоўленасці па каардынацыі даследчых прац па крэпасці паміж універсітэцкай супольнасцю, мемарыялам і ўдзельнікамі праекта, па далучэнню да даследаванняў і папулярызацыі крэпасці студэнтаў мясцовых універсітэтаў. Вынікам інвентарызацыйных і дакументальных прац у перспектыве павінен стаць Атлас Брэсцкай крэпасці – выданне, якое па папярэдніх задумах павінна ўключаць дакументальныя і графічныя матэрыялы ад сярэднявечча да савецкага перыяду.

Не засталіся па-за ўвагай аўдыторыі і прапановы Таварыства аховы помнікаў па інтэрпрэтацыі страчанай спадчыны сярэднявечнага Берасця ва ўмовах сучаснай горадабудаўнічай сітуацыі. Прапановы палягаюць у правядзенні даследаванняў, у першую чаргу археалагічных, для канчатковага ўдакладнення гістарычнай планіровачнай структуры старога гораду з мэтай далейшай распрацоўкі гісторыка-архітэктурнага апорнага плану, а галоўная прапанова – гэта выяўленне там, дзе магчыма, сродкамі добраўпарадкавання страчанай планіровачнай структуры Берасця, а гэта і сетка вуліц і габарытныя планы будынкаў і збудаванняў, у першую чаргу дамінантных культавых аб’ектаў. Дадзены сродак працы на тэрыторыі помніка горадабудаўніцтва не прыдуманы зараз і не прыдуманы спецыялістамі грамадскага аб’яднання. Такая методыка існуе не першы год і ў шматлікіх краінах свету, і дазваляе ствараць кантэкст страчанага культурнага ланшафту пры недахопе даследчага матэрыялу, ці пры немагчымасці аднаўлення ланшафту па іншых аб’ектыўных прычынах.

Практычна ўсімі прысутнымі спецыялістамі прапановы былі ўспрыняты ўзважана, станоўча і з разуменнем. Шэрагам удзельнікаў круглага стала з боку універсітэцкай супольнасці, з боку “Брэстрэстаўрацыі”, музейнага асяродку было заўважана, што прапанаваны шлях дазволіць зрабіць першыя крокі па адраджэнню страчанага культурнага ланшафту без нанясення шкоды існуючаму фартыфікацыйнаму ансамблю і ансамблю мемарыяла на тэрыторыі Цытадэлі. Прыемна і нечакана было пачуць ад кіраўніцтва мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” просьбу аб распрацоўцы эскізнага праекта выяўлення і пазначэння страчанай планіровачнай структуры сярэднявечнага гораду ў межах мемарыялу. Адпаведна, праца будзе зроблена і падаравана гэтай музейнай установе.

Ну а больш сур’ёзнае выпрабаванне чакае калектыў праекта ў канцы месяца, калі супольна з Брэсцкім дзяржаўным універсітэтам, мемарыяльным комплексам “Брэсцкая крэпасць-герой” адбудзецца навукова-практычны семінар, на якім вынікі і перспектыўныя накірункі працы будуць абмеркаваны больш шырокім колам удзельнікаў і больш грунтоўна. А галоўнае выпрабаванне наперадзе. Калі на абмеркаванне будзе вынесена канцэпцыя развіцця Брэсцкай крэпасці, якая распрацоўваецца пад агульным кіраўніцтвам вядомага еўрапейскага музейнага праектыроўшчыка Дзітэра Богнэра.

Антон Астаповіч

Источник и фотографии с мероприятия здесь: http://pomniki.budzma.org/news/brest-2019-pyershyya-vyniki-abmyerkavany

Tags: спадчына
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 0 comments