Віншаванні Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці на Божае Нараджэнне хрысцянам і людзям добрай волі:
"Віншую беларускі народ — веруючых і ўсіх тых, хто, не звязваючы сябе ані з якой рэлігіяй, шукае сэнс жыцця. Жадаю ўсім, каб не пераставалі шукаць. Той, хто шукае – жыве. Той, хто шукае, кожны дзень пераадольвае сябе ў пошуках новых магчымасцяў. Мы — хрысціяне — абвяшчаем вам Дзіцятка, што нарадзілася ў Бэтлееме. Для нас гэта Сын Божы, які прынёс любоў Айца і засведчыў аб ёй, не выракаючыся нават тады, калі мы ўкрыжавалі Яго.
Божае Нараджэнне — гэта не гісторыя, прыдуманая для дзяцей, як нас намагаліся пераканаць. Гэта надзея чалавецтва, сэнс чалавечага жыцця. І калі мы – хрысціяне – не заўсёды паслядоўныя ў нашым жыцці, не адкідвайце дзеля гэтага нагоду спаткацца з Богам, толькі таму, што ў нас не заўсёды можна ўбачыць Божы вобраз. Калі вашы дзверы застануцца адчыненымі, штосьці вялікае здарыцца і ў вашым жыцці...".