... (bielarusaczka) wrote in by,
...
bielarusaczka
by

ЗВАРОТ НАВУЧЭНЦАЎ НДГЛ ІМЯ Я. КОЛАСА ДА ГРАМАДСКАСЦІ БЕЛАРУСІ

Шаноўная грамадскасць Беларусі!

Мы хочам праінфармаваць вас пра тое, што адбываецца цяпер у Нацыянальным дзяржаўным гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа. 27 траўня міністр адукацыі П.Брыгадзін падпісаў загад аб прызначэнні на пасаду дырэктара ліцэя спн. Тамары Шчэрбачэвіч. Мы, ліцэісты, разам з нашымі настаўнікамі і бацькамі, лічым гэтае прызначэнне неабгрунтаваным. Прычыны такога нашага стаўлення да загаду міністра наступныя: па-першае, спн. Шчарбачэвіч не валодае беларускай мовай, чаго патрабуе Статут ліцэя, зацверджаны Міністэрствам адукацыі, а значыць, з'яўляецца прафесійна непрыдатнай да працы ў ліцэі; па-другое, новапрызначаная дырэктарка, нягледзячы на шматлікія запрашэнні, ні разу не з'явілася ні на бацькоўскія, ні на вучнёўскія сходы, чым выказала сваю непавагу да нас. На сустрэчах з настаўніцкім калектывам спн. Шчэрбачэвіч паказала сваё поўнае няведанне асаблівасцей нашага ліцэя, мелі месца і прамыя пагрозы выкладчыкам, многія з якіх з'яўляюцца выдатнікамі адукацыі, высока дасведчанымі спецыялістамі ў сваіх прадметах. Большасць іх ужо выказала сваё меркаванне: калі спн. Шчэрбачэвіч застаецца на пасадзе, яны напішуць заявы пра добраахвотны сыход. Такім чынам, выдатны педагагічны калектыў, які фарміраваўся на працягу 13 гадоў, будзе знішчаны, а гэтага мы не можам дапусціць. Супраць прызначэння спн. Шчэрбачэвіч адзінагалосна выступілі і бацькі, і выкладчыкі.

Дагэтуль ліцэй фактычна ўзначальваў сп. Уладзімір Колас, адзін з яго заснавальнікаў. Пашырэнне вядомасці нашай навучальнай установы, стварэнне унікальнай добразычлівай атмасферы супрацоўніцтва паміж выкладчыкамі і вучнямі - у многім яго заслуга. Але Міністэрства адукацыі адмовілася разглядаць кандыдатуру сп. Коласа, нават не патлумачыўшы прычыны. Дапусцім, што ён дрэнна працаваў на сваёй пасадзе. Чым жа тады можна патлумачыць тое, што ліцэісты стабільна займаюць прызавыя месцы на рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах, а працэнт тых, хто паступае ў ВНУ, амаль роўны колькасці выпускнікоў. Мала верыцца ў тое, што спн. Шчэрбачэвіч, не маючы нават сваіх метадычных распрацовак, зможа аб'ектыўна ацэньваць працу сп. Баршчэўскага, які свабодна размаўляе на шасці мовах, з'яўляецца вядомым у Беларусі і за яе межамі перакладчыкам, прафесара лінгвістычнага універсітэта сп. Шатона, які валодае 32 мовамі, некаторыя з якіх і выкладае нам, сп. Васіля Сёмухі, які пераклаў Біблію на беларускую мову... (спіс можна працягваць).

За час свайго існавання ліцэй стаў унікальный навучальнай установай, вядомай як ў Беларусі, так і за яе межамі. Ён стаў вядомым асяродкам беларушчыны, адукацыйным цэнтрам, які стабільна "выпускае" разумных і выхаваных людзей. Прызначэнне рускамоўнай спн. Шчэрбачэвіч, кампетэтнтасць якой, па звестках з папярэдніх месцаў яе працы, выклікае вялікія сумненні, дае нам падставы лічыць гэткія крокі чыноўнікаў спробай - і ўжо не першай - знішчыць беларускі ліцэй..

Будучыню ліцэя навучэнцы бачаць толькі пад кіраўніцтвам У.Коласа, пра што адзінагалосна выказаліся на вучнёўскім сходзе 29 траўня 2003 г.

Просім кожнага грамадзяніна, якому не абыякавы лёс Беларусі, далучыцца да акцыяў у абарону Беларускага Ліцэю.

Знішчэнне Беларускага Ліцэю - знішчэнне беларускамоўнай адукацыі!
Абаронім Беларускі Ліцэй ад сваволі чыноўнікаў разам!

Навучэнцы НДГЛ імя Якуба Коласа
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 4 comments