Ужо з траўня мясцовыя дэпутаты, праваабаронцы ды моладзевыя арганізацыі рэгіёну дамагаюцца вывазу з тэрыторыі гораду больш як 20 тонаў небясьпечных для здароўя хімічных адыходаў, якія УП “Лёс” захавала з парушэньнямі ўсіх экалягічных нормаў на беразе рэчкі Адроўкі. За гэты час грамадзкасьць дамаглася ад Віцебскага абласнога камітэту аховы навакольнага асяродзьдзя толькі прадпісаньня, паводле якога завод мусіць перазахаваць адыходы да 1 ліпеня 2005 году. Але адыходы дагэтуль не прыбраныя.
Старшыня Свабоднага прафсаюзу мэталістаў на УП “Лёс”, сябра БНФ “Адраджэньне” Васіль Леўчанкаў ды старшыня Рады моладзевых арганізацыяў Аршаншчыны, сябра Партыі БНФ Ігар Казьмярчак падалі заяўку на пікет пад лёзунгам “Досыць труціць людзей”. Бараньскі гарвыканкам дазволіў пікет не каля рынку, як прасілі арганізатары, а на далёкай тан цпляцоўцы. Звычайных грамадзянаў там было няшмат, затое чыноўнікаў сабралося багата. Прыйшло шмат кіраўнікоў прадпрыемства, міліцыянты, “невядомыя ў цывільным” ды сам кіраўнік гарадзкой “вэртыкалі”, які быў рады распавядаць журналістам пра горад ды ягоную гісторыю (ня кожны дзень Барань становіцца аб’ектам такой увагі).
Пасьля дазволенай часткі мерапрыемства адбыў яшчэ адзін пікет – несанкцыянаваны, у цэнтры гораду. На ім, акрамя арганізатараў, прысутнічалі яшчэ й дэпутаты Бараньскага гарадзкога савету.