У мінулую суботу Аршанская арганізацыя Партыі БНФ і Каардынацыйная Рада моладзевых арганізацый Аршаншчыны правялі акцыю па ачыстцы ад смецmця помніка архітэктуры XVIII ст. –былога кляштара базыльянаў, які знаходзіцца ў цэнтры Воршы.
Царква, што стаяла побач з кляштаром, была разбурана бальшавікамі ў 1969 годзе. На думку спецыялістаў па архітэктуры, гэта быў самы прыгожы з мураваных помнікаў у горадзе. Будынак кляштара ўжо трэці год стаіць без даху й паступова разбураецца. Гарадскія ўлады, нягледзячы на шматлікія звароты грамадзкасьці, нічога не зрабілі для яго ўратавання. Не дапамаглі нават скаргі ў пракуратуру. Больш таго, давёўшы гэты гістарычны помнік да жахлівага стану, мясцовыя камунальшчыкі ледзь ці не прымусова аддалі яго праваслаўнай царкве, у якой няма сёньня сродкаў нават на тое, каб дабудаваць свой храм у Воршы. Ён будуецца ўжо каля 10 гадоў і да завяршэньня яшчэ далёка. Калі ўжо там дойдзе справа да базыльянскага кляштара?
Пятнаццаць а ктывістаў на працягу пяці гадзінаў прыбралі тэрыторыю вакол паўднёвага фасаду кляштара, высеклі хмызняк, вынеслі смецьце. Прынятае рашэньне зьбірацца кожную суботу на ўборку гэтага помніку да таго часу, пакуль на праблему не адрэагуюць улады.