Васіля Быкава больш няма з намі
Сёньня, 22 чэрвеня 2003 году, пасьля цяжкой хваробы адышоў з жыцьця
вялікі беларускі пісьменьнік і грамадзянін Васіль Быкаў.
Выдатны творца сусьветнага маштабу, Васіль Быкаў увасабляў сабой
сумленьне беларускага народу. Мужны франтавік у гады Другой Сусьветнай,
абаронца праўды пра вайну ад афіцыёзных фальсыфікатараў, ён гэтаксама
мужна й без ваганьняў стаў ля вытокаў Беларускага Народнага Фронту,
калі трэба было змагацца за Бацькаўшчыну з таталітарнаю сыстэмаю.
Маральны аўтарытэт Быкава непахісны. Да ягонага слова ў абарону Свабоды
й Незалежнасьці прыслухоўваліся літаральна ўсе беларусы -- незалежна ад
поглядаў. Нам усім будзе цяжка бяз Вас, Васіль Уладзіміравіч.
Нашыя шчырыя спачуваньні родным і блізкім Васіля Быкава. Хай будзе яму
пухам родная беларуская зямля.
УПРАВА СОЙМУ ПАРТЫІ БНФ