Падчас сустрэчы беларускія прадстаўнікі выказалі занепакоенасьць недаацэнкай эўраструктурамі беларускае мовы як складніку беларускае дэмакратычнае спадчыны. Спадарыня Койстынэн адзначыла, што рэакцыя беларускай грамадзянскай супольнасьці на рашэньне “Deutsche Welle” пра пачатак расейскамоўнага радыёперадаваньня на Беларусь была нечаканаю для Эўракамісіі. Аннэ Койстынэн паведаміла, што пагадненьне пра дапамогу нямецкай радыёстанцыі падпісанае тэрмінам на адзін год, а ў сувязі з тым, што пагадненьне ўжо падпісанае, выглядае цяжкім унесьці нейкія зьмены.
На працягу дзеяньня дамовы з “Deutsche Welle” Эўракамісія дапускае магчымасьць падрыхтаваць новыя праекты, якія будуць разглядацца з улікам пажаданьняў беларускіх палітычных і грамадзкіх арганізацыяў стварыць беларускія службы “Нямецкае Хвалі” ці іншых электронных мэдыяў. З боку нашых арганізацыяў было прапанавана стварыць беларускамоўныя службы замежных радыёстанцыяў з выкарыстаньнем патэнцыялу беларускіх журналістаў, што маюць досьвед працы ў незалежных сродках масавай інфармацыі.