Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі прызначаны на 19 сакавіка 2006 году. Так вырашыла сёньня Палата Прадстаўнікоў, якая, згодна з Канстытуцыяй, прызначае дату выбараў кіраўніка дзяржавы. За гэта прагаласавалі ўсе 104 дэпутатаў, якія знаходзіліся сёньня ў Авальнай залі.
Як заявіла старшыня ЦВК Л. Ярмошына, ужо 23 сьнежня прэтэндэнты павінны падаць у ЦВК сьпісы сваіх ініцыятыўных групаў. Да 25 сьнежня будуць прымацца заявы кандыдатур для ўключэньня ў склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў ад партый, грамадзкасьці і працоўных калектываў.
Спадарства, вы можаце дапамагчы Беларусі, далучыўшыся да ініцыятыўнай групы беларускага кандыдата Зянона Пазьняка.
Заяву аб далучэньні можна падаць ва ўправе БНФ (пр. Ф. Скарыны 133-147 (ст. мэтро “Усход")) ці празь інтэрнэт.
- Платформа
- Эканамічная праграма
- Найважнейшыя палітычныя каштоўнасьці
- Праграма партыі
Першачарговая Праграма Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ (Партыі БНФ)
(Праграма-мінімум)
Беларусы могуць і павінны жыць прыстойна і заможна. Для гэтага, перш за ўсё, трэба разарваць путы залежнасьці ад існуючага прамаскоўскага рэжыму, ад імпэрскай палітыкі Расеі і будаваць незалежную, вольную Беларусь у геапалітычнай сістэме Эўропы.
Трэба ўзаемадзейнічаць з цывілізаванай Эўропай і захаваць мірныя дачыненьні з Усходам.
Мы ставім задачу ўмацаваць незалежнасьць і пабудаваць беларускую дзяржаву на грунце дэмакратыі, культуры і права; беззваротна выйсьці на шлях духоўнага нацыянальнага разьвіцьця, эканамічнага і культурнага прагрэсу.
Апорай для зьдзяйсьненьня гэтай задачы зьяўляецца тое, што большая частка насельніцтва Беларусі імкнецца да пераменаў.
1. Ліквідацыя дыктатуры і спыненьне палітыкі «інтэграцыі» з Расеяй
Першасную задачу, якую трэба ажыцьцявіць, — гэта ліквідаваць бяспраўныя дачыненьні ў краіне і вярнуць дзеяньне Канстытуцыі. Антыбеларуская палітыка «інтэграцыі» з Расеяй мусіць быць спыненая. Немагчымасьць інкарпарацыі Беларусі (ні пад якім выглядам) павінна быць заканадаўча замацаваная.
Выпраўленьне становішча тэарытычна магчыма двума спосабамі: законным шляхам праз выбары (у выніку перамоваў з рэжымам) і мэтадам адкрытага грамадзянскага змаганьня, шляхам націску на незаконны рэжым, актывізацыі грамадзкіх працэсаў і прывядзеньня ў рух масавых сілаў грамадзянскай супольнасьці.
Без ліквідацыі рэжыму бяспраўя і дыктатуры немагчымыя ніякія іншыя стваральныя дачыненьні ў дзяржаўным будаўніцтве, эканоміцы і культуры Беларусі.
2. Першачарговыя дзеяньні пасьля ліквідацыі дыктатуры.
Адразу пасьля сканчэньня дыктатуры, адмены ўлады рэжыму і ўступленьне ў дзеяньне беларускай улады, аўтаматычна зноў вяртаецца дзеяньне Канстытуцыі 1994 года і ўсё адмененае і забароненае рэжымам заканадаўства і інстытуты ўлады. Неадкладна вяртаюцца дзяржаўныя сымвалы Беларусі: бел-чырвона-белы сьцяг і гэрб Пагоня. Адмяняюцца вынікі незаконных рэфэрэндумаў 1995 і 1996 гг., узбуджаецца крымінальная справа супраць іх ініцыятараў, распускаецца нелегальны, незаконны «нацыянальны сход». Беларуская мова зноў вяртаецца на дзяржаўны пасад, а пазачыняныя рэжымам беларускія школы тут жа і неадкладна адновяць свой беларускі статус. Будуць зачыненыя ўсе фашыстоўскія і антыбеларускія антыдзяржаўныя арганізацыі. Пра гэта павінны быць прынятыя адпаведныя заканадаўчыя акты.
Мусяць быць забясьпечаны грамадзкі і праўны парадак; адноўленыя законнасьць і законныя інстытуты ўлады, нармальная дзейнасьць беларускіх вышэйшых навучальных установаў. Будзе спынена разбурэньне беларускай культуры і забясьпечаныя праўныя гарантыі павагі да грамадзяніна Беларусі.
Асноўным пытаньнем, якое адразу трэба будзе пачаць вырашаць, — гэта неадкладныя захады па ўратаваньню беларускай эканомікі і падтрыманьні жыцьцядзейнасьці насельніцтва.
3. Першы этап
На першым этапе прыдзецца дзейнічаць хутка і рашуча. Пры гэтым усе дзеяньні новай улады будуць падначалены прынцыпу - «не нашкодзь!». Дзеяньні павінны мець стваральны накірунак. Неабходна будзе:
1. Стварыць умовы для хуткага аднаўленьня правамоцнасьці Канстытуцыі. Усталяваць незалежную дзейнасьць суддзяў усіх узроўняў, пракуратуры і адвакатуры, забясьпечыць матэрыяльныя ўмовы гэтай незалежнасьці.
2. Падрыхтаваць становішча і ўмовы для правядзеньня дэмакратычных выбараў у парлямант Беларусі і мясцовыя прадстаўнічыя ворганы ўлады. Увесьці мажарытарна-прапарцыйную сістэму выбараў у парлямант.
3. Забясьпечыць доступ да радыё і тэлебачаньня грамадзянам, грамадзкім арганізацыям, партыям. Ліквідаваць палітычную цэнзуру. Гарантаваць свабоду для беларускай інфармацыі ў беларускіх дзяржаўных і недзяржаўных СМІ. Удакладніць заканадаўчую базу адносна СМІ з улікам інтарэсаў беларускага культурна-нацыянальнага аднаўленьня і бясьпекі беларускай дзяржавы. Увесьці ільготнае падаткаабкладаньне на інвэстыцыйныя праекты ў СМІ.
4. Спыніць дзейнасьць дэкрэтаў, указаў, законаў, паправак да законаў, якія не адпавядаюць інтарэсам беларускай дзяржавы, парушаюць правы чалавека і яго маёмасныя правы. Увесьці права недатыкальнасьці прыватнай уласнасьці і маёмасьці, права ўласьніка на іх абарону. Правесьці амністыю і скасаваць крымінальныя справы па палітычных і эканамічных пытаньнях, якія былі ўзбуджаныя джяржаўнымі ворганамі. Правесьці перагляд у судах крымінальных справаў эканамічнага і маёмаснага характару з мэтай вызваленьня са зьняволеньня і пры ўмове выплаты грашовай кампэнсацыі і вяртаньня канфіскаванай маёмасьці несправядліва асуджаным.
5. Зрабіць захады па навядзеньні парадку і ўсталяваньні законнасьці. Узмацніць матэрыяльную і тэхнічную забясьпечанасьць міліцыі, памежнай варты і мытных ворганаў. Нармалізаваль дзейнасьць беларуска-расейскай мяжы. (Увесьці памежны і мытны кантроль.)
6. Актывізаваць міжнародную дзейнасьць. Нармалізаваць сувязь з краінамі эўраатлянтычнага альянсу. Аднавіць супрацоўніцтва з Эўразьвязам, Эўрапарлямантам, МВФ і іншымі міжнароднымі арганізацыямі.
7. Актывізаваць дзейнасьць усіх суб’ектаў гаспадараньня: грамадзянаў, прадпрымальнікаў, прадпрыемстваў. Дзеля гэтага:
- тэрмінова правесьці перамовы з Расейскай Фэдэрацыяй па мытных пытаньнях і ўвесьці мытныя пошліны на імпарт і экспарт тавараў і прадукцыі ў інтарэсах Беларусі;
- правесьці перамовы з суседнімі краінамі - Украінай, Польшчай, Летувой, Латвіяй, Чэхіяй. Удакладніць ранейшыя дамовы, падпісаць дадатковыя пагадненьні дзеля спрашчэньня правілаў перамяшчэньня грамадзянаў Беларусі праз мяжу і актывізацыі гандлю;
- зьнізіць падаткавую нагрузку на суб’екты гаспадараньня, спрасьціць справаздачнасьць для малога і сярэднега бізнэсу. Усталяваць ільготныя падаткі для перапрацоўшчыкаў сельгаспрадукцыі, для вытворцаў лекаў, медыцынскай прадукцыі і медыцынскага абсталяваньня, для суб’ектаў, што працуюць на тых накірунках эканамічнай дзейнасьці, якія даюць хуткія вынікі ў павелічэньні рабочых месцаў і насычэньні таварнага рынку. Вызваліць ад падаткаў прыбыткі, якія накіроўваюцца на інвэстыцыі. Вызваліць ад уплаты асноўных падаткаў (дабаўленая вартасьць, прыбытак) фірмы і прадпрыемствы, якія выконваюць інвэстэцыйныя праекты дзеля разьвіцьця транспартных камунікацыяў, сувязі, турызму;
- ліквідаваць шматлікія кантрольныя ворганы;
- перадаць увесь арэндны нежылы фонд, у тым ліку той, што прыўлашчаны Упраўленьнем справамі былога прэзыдэнта, у муніцыпальную ўласнасьць. Значна зьнізіць арэндную плату;
- увесьці заяўляльны прынцып пастаноўкі на ўлік суб’ектаў эканамічнай дзейнасьці. Скасаваць дзяржаўную манаполію на большасьць відаў прадукцыі. Адмяніць ліцэнзаваньне відаў эканамічнай дзейнасьці;
— нармалізаваць функцыянаваньне дзяржаўнага бюджэту. Ліквідаваць фонд былога прэзыдэнта, яго сродкі перавесьці ў дзяржаўны бюджэт. Ліквідаваць пазабюджэтныя фонды;
- правесьці аўкцыённую прадажу фірмаў, утвораных пры Упраўленьні справамі былога прэзыдэнта. Сродкі накіраваць на папаўненьне пэнсійнага фонду;
- уладкаваць правілы дзейнасьці банкаўскай сістэмы. Зьняць з камэрцыйных банкаў функцыі кантролю за эканамічнай дзейнасьцю кліентаў;
- стварыць умовы для свабоднай дзейнасьці рынкавых мэханізмаў, у тым ліку: валютных, таварных, фондавых, нерухомай маёмасьці, біржаў, страхавых і фінансавых кампаніяў і інш.;
- правесьці мерапрыемствы дзеля стабілізацыі беларускіх грошай. Забясьпечыць устанаўленьне адзінага курсу беларускага рубля. Стварыць стабілізацыйны валютны запас. Увесьці беларускую валюту (беларускі талер);
- прыступіць да зямельнага ўладкаваньня;
- актывізаваць аўкцыённую прыватызацыю гандлёвых прадпрыемстваў, прадпрыемстваў харчовай, лёгкай, будаўнічай прамысловасьцяў. Сродкі ад продажу дзяржаўнай маёмасьці накіраваць на папаўненьне пэнсійнага фонду і дзяржаўнага страхавага кампэнсацыйнага фонду.
Выбары новага беларускага парляманту ў дэмакратычных умовах, дасягненьне збалянсаванасьці галінаў улады, дасягненьне стабільнасьці на таварным рынку, увядзеньне стабільнай беларускай валюты (талера), вольнае разьвіцьцё беларускай адукацыі і культуры стануць прыкметай завяршэньня пераходнага пэрыяду.