... (bielarusaczka) wrote in by,
...
bielarusaczka
by

ПАЧАЎСЯ ПЕРАСЬЛЕД ТЫХ БАЦЬКОЎ ЛІЦЭІСТАЎ, ЯКІЯ ПРАЦУЮЦЬ У ГАЛІНЕ АДУКАЦЫІ

На бацькоў ліцэістаў, якія працуюць у сыстэме адукацыі, пачаўся ціск з боку адміністрацыі. Чыноўнікі дамагаюцца, каб бацькі забралі сваіх дзяцей зь ліцэю і перавялі ў звычайныя школы.


Любоў Лунёва, Менск

Галіна Папова працуе настаўніцай гісторыі ў 15-й гімназіі. Яе дачка Варвара вучыцца на трэцім курсе ў Нацыянальным ліцэі. Галіна Папова — сябра бацькоўскай рады ліцэю. Летам яна актыўна ўдзельнічала ва ўсіх мерапрыемствах, якія ладзілі бацькі і ліцэісты.

У гэтым навучальным годзе на працы ёй далі вельмі малую нагрузку — 18 гадзінаў. Калі вызвалілася адна стаўка і адміністрацыя ўзяла на яе дзьвюх новых настаўніц, Галіна прыйшла да дырэктаркі, каб даведацца аб прычыне. Паводле Галіны, тая тут жа выклікала да сябе сацыяльнага пэдагога, і яны на пытаньне Галіны адказалі пытаньнямі: “А дзе вучыцца ваша дачка? Чаму яна ня ў школе? Колькі гэта будзе працягвацца?” Ёй прапанавалі пайсьці ў рана, забраць там асабовую справу сваёй дачкі і прынесьці ў школу. Калі пачулі адмоўны адказ, паабяцалі, што ў такім выпадку яна будзе працаваць з самай малой нагрузкай.

Маці ліцэісткі Аксаны Алена Дэц працуе ў сярэдняй школе №180 настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Яна таксама адчула ціск з боку адміністрацыі школы. Алена 1 верасьня прыйшла ў школу і даведалася, што рэчы зь яе кабінэту сабралі ў кучу і перанесьлі ў іншы кабінэт. Калі бацькі прыйшлі дапамагаць разьбіраць рэчы і мыць вокны, то ўбачылі, што ў ваконных рамах вялікія шчыліны. Яны паведамілі, што ня пусьцяць дзяцей займацца ў такой клясе. Толькі пасьля гэтага ў клясе пачалі рамонт, але дагэтуль яшчэ ня выпраўленыя ўсе недаробкі. Настаўніца пайшла да дырэктара, каб высьветліць пытаньне наконт рамонту, але ў адказ пачула нечаканае. Вось як яна распавяла пра сваю размову Радыё Свабода:

(Дэц: ) “Я прыйшла да дырэктара пацікавіцца, калі будуць выпраўленыя ўсе недаробкі, Замест каб мне адказаць, ён пачаў з таго дзе вучыцца мая дачка. Аказалася, што на іх ціснуць зьверху. Дырэктар сказаў, што, калі я не вырашу пытаньня са сваёй дачкой, то ён можа страціць сваю пасаду. Гэта як у старыя часы — выляцець з “жоўтым білетам”.

Бацькі ліцэістаў, якія працуюць у вышэйшых навучальных установах, таксама выклікалі да рэктараў і, пагражаючы звальненьнем з працы, прапаноўвалі ўладкаваць дзяцей у іншыя навучальныя ўстановы. Выкладчыкі зрабілі выснову, што гарадзкі аддзел адукацыі даў адпаведную дырэктыву адміністрацыям навучальных установаў, дзе працуюць бацькі ліцэістаў.
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 0 comments