... (wlite) wrote in by,
...
wlite
by

Арганізацыя: Рэспубліка Беларусь. Вакансія: прэзідэнт.

Разумны чалавек у палітычных поглядах:



1) разглядае сітуацыю з розных бакоў (напрыклад, яўна, што нашая краіна ў эканамічным плане жыве няблага, але відавочнае і застойванне, і адсутнасць нац. палітыкі + шаленства з ідэалогіяй) ;
2) ясна ўяўляе,
- што яму падабаецца і што не падабаецца ў функцыянаванні дзяржавы (проста "жадаць пераменаў" - прыкмета інфантылізму. Лепш напісаць спіс.);
- што можна рэалізаваць, а чаго кіраўніцтва не дапусціць, у незалежнасці ад таго, хто ў гэтым кіраўніцтве сядзіць (напрыклад, КДБ, аддзел прапаганды і прамывання мазгоў заўсёды будуць, будуць і ідыёлагі/PR-працаўнікі - толькі назвы мо й зменяцца);
3) разважае, хто з палітыкаў мае шансы здзейсніць пэўныя паляпшэнні і пры гэтым не пагоршыць сітуацыю (напрыклад, увядзенне капіталізму ў поўнай меры мо' і дасць магчымасць пэўным групам дзяльцоў атрымоўваць большыя прыбыткі, але пры гэтым усе грамадзяне будуць вымушаныя плаціць за тое, што зараз таннае або ўвогуле бясплатнае - тут я не кранаюся пытання, кепска гэта ці не);
4) разумее, што палітыка - рэч брудная і таму найбольшую ўвагу трэба звяртаць на тых кандыдатаў, якія выглядаюць найбольш "прыгожымі"; і памятае, што на выбарчую кампанію - з улёткамі, кампраматам, чорным піярам, вялікімі арганізацыйнымі выдаткамі - патрэбныя, мякка кажучы, немалыя грошы, і гэтыя грошы не ўзнікаюць неадкуль - іх даюць палітыку пэўныя сілы, якія спададзяюцца вярнуць іх сабе (і нават пабольшыць) пасля перамогі. Палітыка, які будуе сваю выбарчую кампанію на чыстым энтузіязме ягоных аднадумцаў - заўсёды відаць, але - на жаль, але зразумела - гэта вельмі рэдкая з'ява ў гісторыі чалавецтва;
5) добра заўважае і не даруе палітыку папулістскіх крокаў: абяцаць "усім павысіць заробак" можа толькі той, каму больш няма чаго сказаць пра свае канкрэтныя планы: калі б ў дзяржавы была магчымасць павысіць прыбыткі насельніцтву, то кіраўнітцва гэта б зрабіла менавіта да выбараў - каб усе зразумелі, як добра жывецца. Да таго ж, у нас адзіны шлях, адкуль узяць грошы, гэта іх надрукаваць: у нас няма золата, алмазаў, замала нафты.
6) думае: "Ці аднолькавыя мэты ў мяне, і яшчэ тых, іншых, хто будзе галасаваць за гэтага самага прэтэндэнта" (Напрыклад, Вы за змены ў падатковай сістэме, бо хочаце больш зарабляць, працуючы ў некалькіх месцах, а ваш сусед таксама за змены, але ён, напрыклад, гандлюе, і лібералізацыя падатковай сістэмы дазволіць яму падняць цэны. У выніку Вы ўжо большую частку свайго большага заробку будзеце траціць на пэўныя тавары, якія падраслі ў коштах. Ці яшчэ ўзор: Вы за памяць пра слаўную гісторыю Беларусі, а хтосці лічыць, што гэта значыць перагляд гісторыі, у прыватнасці, напрыклад, што была Савецкая акупацыя,а немцы былі вызваліцелямі.).
7) не верыць абяцанням: трапіць на дзяржаўную кіруючую пасаду мусіць толькі той:
- хто ўжо паспяхова кіраваў немалой установай (камерцыйнай арганізацыяй, банкам, дзярж. установай, вну, самой дзяржавай): тады аб ягонай рэпутацыі будзе каго спытаць (вось вам прыклад Казуліна, які, кіруючы БДУ, "хораша" сябе паказаў) і магчыма будзе паглядзець на плён. А калі гэта "чалавек неадкуль", які 20 гадоў збіраў маркі, а раптам нейкая партыя высунула яго кандыдатам ад сябе, прычым адмыслова да выбараў, то, ясна, гэта вельма падазрона.

- хто прапаноўваў пэўныя праекты па паляпшэнні сітуацыі ў дзяржаве, але яны, магчыма, не спадабаліся кіраўніцтву, па матывах, якія можна назваць неаб'ектыўнымі. Адмова дзяржаўнага кіраўніцтва пэўнаму палітыку ў рэалізацыі ягонага добра прадуманага карыснага для дзяржавы праекту, на маю думку, ёсць галоўным (і можа, адзіным) вартым чыннікам, каб гэты палітык мог сумленна называць сябе апазіцыйным. Не ідэя, план, мара, а канкрэтны праект!

Да чаго я ўсё гэта? А да таго, што грамадзянін павінен ставіцца да выбараў прэзідэнта, як да прымання прэтэндэнта на працу, прычым на працу з вялікім заробкам і вялікай адказнасцю за далейшыя прыбыткі (не толькі за прыбыткі, нават за эмацыйны стан) вялікай колькасці людзей. Уявіце, што вы мусіце наняць топ-мэнэджэра ў сваю вялікую сусветную карпарацыю. Ягоная пасада прадугледжвае поўнае кіраўніцтва грашыма ўсёй кампаніі.
Дык вось, ці возьмеце вы яго толькі паводле рэзюмэ?
Прыходзіць адзін - вопыта няма, нават у маленькіх кампаніях. Другі - вопыт ёсць, толькі з былога месца дрэнныя рэкамедацыі.
Ці возьмеце вы каго з іх? Не, вы скажаце:
- Хлопцы, "вопыт", "рэкамендацыі" - усё гэта вашыя праблемы! "Не было магчымасці", "не змог"! Умовы ствараць вам ніхто не збіраецца! Йдзіце гуляйце - бізнэс не даруе лузерам.
Ну і што далей? Пакінеце на гэтым месцы працаўніка, які ўжо ёсць на гэтай пасадзе, але, як вам здаецца, можа, не вельмі добра выконвае свае абавязкі?

Гэта праблема. Гэты мой запіс не прызначаны даць гатовых адказаў. Гэта не агітацыйная ўлётка або "Савецкая Беларусь". Адзіная мэта - зняць ружовыя акуляры з вачэй людзей, прымусіць задумацца суцэльна.

Калі і будзе што 19-га на Кастрычніцкай, я так скажу:
Я не палічу, што быццам тыя, хто туды прыйдуць, змагаліся за лепшую Беларусь.
Таксама я і не на баку міліцыянераў, але і ніколі не скажу, што быццам улада задушыла "рэвалюцыю".
Так, бараны стукнуліся лбамі. (Даруйце метафару, але дужа яскравая.)

І, нарэшце, узгадаю словы Бісмарка:
"Рэвалюцыю рыхтуюць філосафы, робяць дурні, а пладамі карыстаюцца мярзотнікі".
Трэба асцерагчыся, каб вашую веру і надзею на лепшую будучыню хто-небудзь не скарыстаў у сваіх мэтах.
І гэта датычыць не толькі палітыкі.
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 4 comments