Па замове МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выдадзена навукова-папулярная праца – Практыкум па дыкцыі “Беларускае літаратурнае вымаўленне”. Аўтар кнігі – вядомы беларускі педагог, спецыяліст ў галіне навучання выразнаму чытанню, прафесар кафедры сцэнічнай мовы Акадэміі мастацтваў Андрэй Каляда. У кнізе зацікаўлены чытач знойдзе звесткі пра асаблівасць літаратурнага вымаўлення, артыкуляцыю галосных і зычных гукаў беларускай мовы. Для дапрацоўкі дыкцыйнай выразнасці і практычнага засваення нормаў беларускага літаратурнага вымаўлення ў дапаможніку змешчаны прыказкі, прымаўкі, чыстагаворкі, скорагаворкі, асобныя строфы з вершаў беларускіх паэтаў.
“Летапісны звод сусьвету Чалавека Сьведамага” Лявона Юрэвіча
Кніга прысвечана гісторыі беларускіх газет “Бацькаўшчына” і “Беларус” (ЗША). Яе аўтар – вядомы публіцыст беларускай дыяспары ЗША Лявон Юрэвіч. Змест гэтай працы ахоплівае храналагічны адрэзак з 1947 да 2000 гг. Выкладзеныя матэрыялы апавядаюць пра газеты беларусаў у Амерыцы ў кантэксце гісторыі беларускага эміграцыйнага друку.
“Каханы горад: зборнік эміграцыйнае ваеннае прозы” - новая кніга серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”
Укладальнік зборніка –Лявон Юрэвіч. Падрыхтоўка і выданне выканана ў МГА “Беларускі Кнігазбор”. У зборнік увайшлі творы трох пісьменнікаў беларускай эміграцыі Антона Адамовіча, Лявона Савёнка і Янкі Юхнаўца. У іхных разнажанравых творах, ад філасофіі да сатыры, падаецца погляд на жыццё пад акупацыяй у Мінску ў часы Другой сусветнай вайны. Кніга “Каханы горад: зборнік эміграцыйнае ваеннае прозы” – дзевятая ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”.
Кнігі прадаюцца на Управе БНФ і можна замовіць на сайце knihi.net
Новы альбом гурта "Стары Ольса"
Пабачыў свет новы альбом гурту сярэднявечнай музыкі “Стары Ольса”. Альбом носіць назву “Гераічны эпас” і ўключае ў сабе спевы рыцараў і шляхты Вялікай Літвы. Песні, прадстаўленыя ў альбоме, грунтуюцца на гістарычных крыніцах – пісьмовых творах 14-17 стст., нотных матэрыялах 16-19 стст. Падрабязная інфармацыя – у дадатку "Тэксты песняў і каментары". Усе аранжыроўкі, музычныя адаптацыі гістарычных тэкстаў, трактаванне старадаўняй і народнай музыкі выкананы гуртом "Стары Ольса". Падаем анатацыю да альбома: "Кароль памёр і не пакінуў нашчадкаў. Яго набліжаныя пусцілі каралеўскага каня з прымацаванай да яго каралеўскай зброяй, каб ён абраў будучага караля. Два месяцы конь ішоў па краіне, пакуль не падышоў і не пакланіўся ў адной вёсцы старому. Гэты стары зрабіўся каралём Вітаўтам, і доўгі час краіна пры ім квітнела. Калі ён адчуў надыход смерці - загадаў музыкам граць на пахаванні. І калі пасля ягонай смерці краіне будзе пагражаць небяспека - загадаў зноў так зайграць і ён прыйдзе на дапамогу. Каб праверыць словы Вітаўта, пасля яго смерці людзі зайгралі, але не так, і Вітаўт, з'явіўшыся з таго свету раззлаваўся і пракляў людзей. З таго часу ў краіне пачаліся бунты..." (з Падання з віцебска-смаленскага памежжа Шпілеўскі П. "Падарожжа па Палессю і Беларускім краі". 1852 г.)
Дыск можна набыць ва ўсіх 9 музычных крамах кампані West Records (дакладна ёсць на Нямізе, пераход калі ГУМа)