Цяпер мы маем апошні шанец захаваць Гародню ад разбурэнняў. Вельмі просім прачытаць ліст да канца.
Падчас працаў вясной 2006 г. былі зроблены шматлікія парушэнні Закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Упраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь зрабіла афіцыйнае прадпісанне аб тым, што працы па добраўпарадкаванню Савецкай плошчы г. Гродна (гістарычны цэнтр) былі зроблены з парушэннямі дзейнага заканадаўства:
"земляныя і будаўнічыя работы праводзяцца без папярэдняга археалагічнага даследавання зоны вытворчых мерапрыемстваў (дагавор на выкананне археалагічных даследаванняў не быў прадстаўлены), у выніку чаго:
- на вуліцы Маставой знішчаны ўчастак культурнага пласта 14-18 стст.;
- ва ўсходняй частцы Савецкай плошчы знішчаны ўчастак культурнага пласта 16-17 стст.;
- пашкоджаны падмуркі будынкаў 18-19 стст. (паўночна-заходні вугал палаца Радзівілаў, верх арачнага скляпення забудовы жылога квартала 18-19 стст.);
- па ўсёй тэрыторыі Савецкай плошчы знішчаны брук 19 ст.-пач. 20 ст., які знаходзіўся пад слоем асфальта;"
(вытрымка з Прадпісання № 001 ад 17.04.2006 за подпісам Першага намесніка Міністра культуры У.П. Рылатка )
Таксама, НП РУП БелНІІП Градабудаўніцтва", якое распрацавала Генеральны план г. Гродна (зацверджаны подпісам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2003 г.), дала афіцыйную ацэнку працам, якія вядуцца ў Гродне:
"К сожалению, работы, выполняемые сейчас в натуре, не согласуются с указанными выше градостроительными проектами" (вытрымка з ліста НП РУП "БелНІІП Градабудаўніцтва" у адказ Беларускаму дзяржаўнаму універсітэту культуры і мастацтваў ад 9.08.2006)
Таксама "БелНІІП Градабудаўніцтва" даслала дакумент Міністэрству культуры, дзе падрабязна разглядаюцца парушэнні, зробленыя падчас рэканструкцыі вясной-летам 2006 г., і даецца негатыўная ацэнка работам, якія плануюць правесці гродзенскія ўлады ў бліжэйшы час.
Прыводзім некаторыя вытрымкі з дакумента:
"Намеченное строительство противоречит требованиям Закона об охране историко-культурного наследия"
"Движение общественного транспорта (автобуса и троллейбуса) должно быть снято с исторической площади и направлено в обход центрального исторического ядра". (вытрымкі з ліста № 04/1018 НП РУП "БелНІІП Градабудаўніцтва" на Міністэрства культуры ад 23.08.2006).
Але гарадзенскія улады працягваюць парушаць Закон.
Літаральна на днях стала вядома, што дзеля так званай "рэканструкцыі" быў зруйнаваны стары млын у раёне чыгуначнага вакзала.
У планах гарадзенскіх уладаў:
- працяг пабудовы шматпалоснай дарогі ў гістарычным цэнтры Гродна
- павелічэнне транспартнай нагрузкі на старыя гарадзенскія вулачкі (але паводле Генеральнага плана яны мусяць стаць пешаходнымі!!)
- працяг руйнавання старых дамоў
- знішчэнне унікальнага гістарычнага і прыроднага ландшафта ракі Гараднічанкі
Апошняя надзея застаецца на Камітэт дзяржаўнага кантролю і Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія могуць вырашыць пытанне на вышэйшым узроўні.
Мы звяртаемся да ўсіх неабыякавых жыхароў Беларусі:
Напішыце ліст-просьбу (хадайніцтва, прашэнне) у абарону нашай з вамі гістарычнай і культурнай спадчыны.
Каму пісаць:
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, міністр культуры Матвейчук Уладзімір Фёдаравіч, г. Мінск, пр-т Пераможцаў, 11
Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, г. Мінск, вул. Карла Маркса, 38
Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, г. Мінск, вул. Карла Маркса, 3
Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт, старшыня - Аляксандр Ільіч Антоненка. г. Гродна, пл. Леніна, 1
Каротка і красамоўна выкажыце сваё абурэнне. Напрыклад (напрыклад!!!) такім чынам:
Я, ..., заўжды захапляўся прыгажосцю старога горада Гродна. Мне заўсёды хацелася, каб па яго вулачках хадзілі турысты з розных куткоў Беларусі і іншых краін, каб ад іх наведвання папаўняўся гарадскі і дзяржаўны бюджэт. Але для мяне было жудасна ўбачыць працы па рэканструкцыі, якія пачаліся вясной 2006 г.. Я моцна абураны:
- знішчэннем гісторыка-культурнай спадчыны (можна ўзгадаць канкрэтныя будынкі, мясцінкі горада, якія асабіста вам даспадобы)
- парушэннем Закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны РБ
- парушэннем Генеральнага плана г. Гродна 2003 г., распрацаванага высокакваліфікаванымі спецыялістамі і падпісанага Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкам (гл. вытрымкі з дакумента вышэй).
- марнаваннем дзяржаўных сродкаў на нерацыянальныя вырашэнні транспартных патанняў па няякасных будаўнічых праектах.
- падрывам айчыннага турыстычнага бізнесу (г. Гродна - найважнейшы турыстычны аб'ект нашай краіны, у ім захавалася больш за ўсё помнікаў гісторыі і культуры, якія нельга знішчаць)
- Выберыце тое, што бліжэй вам да сэрца.
- Пішыце ў адвольнай форме.
- На рускай ці беларускай мове.
- Не болей адной старонкі.
- Пазітыўна, па справе, без вялікіх эмоцый.
- Пажадана, перапішыце ліст 4 разы і дашліце ў 4 вышэйназваныя ўстановы.
- Папрасіце таксама напісаць ліст (ці напішыце самі і папрасіце падпісацца) вашых бацькоў, сваякоў, сяброў.
Але вельмі важная колькасць лістоў.
Вам абавязкова дашлюць афіцыйны адказ на ваш ліст.
Усім, хто добра інтэграваны ў Інтэрнэт-прастору: максімальна распаўсюдзіць гэтую інфармацыю на адпаведных сайтах, форумах, ЖЖ-кам'юніці і г.д.
Болей інфармацыі на тэму - harodnia.com
Гэта апошні этап змагання. Другі фронт - СМІ і журналісты.
Пераможам!!
ГКТ БДУ культуры і мастацтваў "Этна"
7040018 (Раман Абрамчук),
7097022 (Вольга Чайчыц)