Blog der belarussischen Bärin (ex_petra_le) wrote in by,
Blog der belarussischen Bärin
ex_petra_le
by

Вандроўкі па Вялікім Княстве, частка І: Візыт у Гродна, 13 жніўня 1778

Губэрнатарскі дом

Мы ніколі не даведаемся, хто хадзіў на прыём да гарадзенскага доктара Заменгофа, чакаў у прыемным пакоі за фіранкай, пакуль гэты сьмешны чалавек у акулярах марнаваў працоўныя гадзіны на формы дзеясловаў, прыдумляючы мову эсперанта ў кабінэце ля кляштара езуітаў, за рогам крывой вулачкі, што ішла ад Рынку да Гарадніцы.

Мы ніколі ня пачуем, як званы гарадзенскай Фары Вітаўта клічуць людзей з старога места, з рамесных кварталаў, і з занёманскай далёкай часткі — з нашай Палестыны — на божую імшу, не сустрэнем майстроў з вуліцы Гарбарскай, не пабачым шыльды на нашай мове “Саматужная майстэрня Міколы М..”, бо нічога гэтага не існуе, і нават мапы і малюнкі мала што раскажуць.

Мае аднаклясьнікі бухаюць гарэлку Советскій Союз на той частцы наберажнай, якую калісьці называлі Stabula Regiae.

Мы ніколі не пройдзем па алеі экзатычных амэрыканскіх кветак, засаджанай адданым навукоўцам і настаўнікам Жылібэрам (зараз там гарыць Вечны агонь і клеяць дзевак малыя гопнікі) — амаль увесь батанічны сад вывезьлі ў Вільню пасьля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай.

Але я адкрываю старонку старой кнігі ў фармаце PDF на books.google.com — і англічанін зь сьмешным прозьвішчам Кокс распавядае пра сустрэчу з каралём Станіславам Аўгустам, які з болем пераказаў яму гісторыю расейскіх інтрыг: якраз адбыўся першы падзел Польска-Літоўскай дзяржавы. Расейскія паўкі ідуць да Варшавы, але Кокс пасьпее сустрэць усіх, хто імкнуўся пасярод войнаў і галечы зрабіць Гродна разьвітым і культурным горадам: брытанца запрашае на экскурсію той самы Жылібэр, а гарадзенскі адміністратар Тызэнгаўз прыме яго пасьля мясцовага сойміка ў сябе і запросіць на баль. Кокс акуратна ўсё занатуе і потым не без іроніі перакажа нам: і як пыхлівыя шляхціцы танчылі ў палацах і хваліліся шаблямі, і як прыгонныя рабочыя мануфактураў рабілі стрэльбы і рабілі упрыгожаньні і карункі ў 1792 William Cox books_smallпераробленых стайнях-мануфактурах. Прыгонная праца надзвычай малаэфектыўная–са шкадаваньнем адзначыць ён–але мясцовыя паны не даюць рабочым волю, бо баяцца, каб кваліфікаваныя майстры не паўцякалі ад іх.

Мне ня так горка нават, што яшчэ адну з гэтых каралеўскіх стаень-мануфактур месяц таму зруйнавалі — мне здаецца, калі я перагарну яшчэ старонку, Кокс пройдзе за наступны паварот па той вулачцы і я яго вачыма ўбачу рог яшчэ аднаго дома, які ўжо два гады як зьнік у пыле і кроквы якога вывезьлі на ЗІЛе як паламаны шкілет рабочыя СБУ-2. Магчыма, англічанін нават зойдзе ў славутую карчму Галеча, магчыма — ня спыніцца і пашыбуе да палацу губэрнатара, або заглядзіцца на танцы надвячоркам каля якога шынка, дастане нататнік і аўтарытэтна напіша: “танцы тут простыя, але ім не бракуе грацыі, і настрой у іх выключна прыемны”, а побач з нататкай намалюе шляхціца:

…і паставіць дакладную дату: 13 жніўня 1778 года. 229 год таму.

Пераклад главы пра візыт Кокса ў Горадню (першы пераклад на беларускую мову, наколькі мне вядома) чытайце на беларускім блогу POZIRK.ORG

Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 0 comments