Нядаўна адзін беларускі партал запусціў на ўласнай пляцоўцы сэрвіс-аналаг "бесперспектыўнага" (на словы самога Зісера) сайцега Одноклассники.ру. І ўсё б нічога: беларусы прывыклі капіяваць скапіяванае самімі расейцамі. Асабліва гэта датычыць інтэрнэт-тэхналогій. Посткаланіяльныя комплексы і суцэльнае цемрашальства некаторых мясцовых ІТшнікаў, для якіх усе кабелі ідуць праз Маскву, і раней перыядычна даваліся ў знакі простым і не вельмі беларускім інтэрнаўтам. Прывыклі-с. Аднак вывесці тутэйшую публіку з уласцівага ёй анабіятычнага стану абыякавасці, памяркоўнасці і агульнай млявасці прымусіў менавіта гэты прэцэдэнт. Адміністрацыя без адмысловых папярэджанняў бессаромна вываліла ў сусветную сетку даныя абсалютна ўсіх юзэраў, якія былі імі ўказаныя падчас рэгістрацыі. Тым самым груба парушыўшы п. 4.2.1. сваіх жа "Правілаў карыстання беларускім парталам TUT.BY". І прабачацца за такі мякка кажучы неабдуманы ўчынак па добрай беларускай традыцыі ніяк не збіраецца. А зачэм? І так сайдзёт.
Дык сачыце за тым, дзе і якую інфармацыю вы пакідаеце пра сябе ў Інтэрнэце!