Другі год запар у Магілёве можа не адбыцца традыцыйны хросны ход у гонар Сьвятога Антонія Падуанскага, нябеснага заступніка гораду.
Каб правесьці хросны ход, магілёўская рымска-каталіцкая парафія Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі павінна аплаціць паслугі міліцыі, камунальнікаў ды мэдыкаў. Такое патрабаваньне, кажуць у касьцёле, вылучыў аддзел ідэалягічнай працы Магілёўскага гарвыканкаму.
Арганізатары хроснага ходу высьветлілі: гадзіна працы толькі аднаго міліцыянта на ахове хроснага ходу каштуе восемдзесят тысяч рублёў. А іх павінна быць шэсьць. Высьвятляць, колькі будуць каштаваць паслугі мэдыкаў й камунальнікаў, арганізатары ўвогуле адмовіліся. «У нас і на міліцыянтаў няма грошай»,-- зазначаюць у касьцёле.
Летась хросны ход магілёўскія каталікі не праводзілі з-за рамонтных працаў на вуліцы Лазарэнкі. Па ёй вернікі традыцыйна хадзілі ад касьцёлу Сьвятога Станіслава да капліцы Сьвятога Антонія, што на каталіцкіх могілках.
http://www.svaboda.org/content/Article/1119619.html