У Сярэднявеччы (XVII стагодзьдзе), зьявіліся першыя вядомыя запісы беларускага (кірылічнага) тэксту лацінскім пісьмом, з патрэбы ўлучаць старабеларускія цытаты ў польскія і лацінскія тэксты.
У 19 стагодзьдзі некаторыя беларускія пісьменьнікі карысталіся выключна ці часткова лацінскім пісьмом у сваіх працах, напісаных па-беларуску. Асабліва, Ян Чачот, Паўлюк Багрым, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Адам Гурыновіч. Рэвалюцыйны дэмакрат Кастусь Каліноўскі друкаваў лацінскім пісьмом беларускамоўную газету «Мужыцкая праўда» (у арыгінале: «Mużyckaja prauda»; 6 нумароў у 1862—1863 гадах). (1)
Дунін-Марцінкевіч спасылаўся на довад, што яго чытацкая аўдыторыя, асабліва сялянская, была ў пэўнай ступені знаёмая з польскай графікай, да таго ж, ня маючы доступу да рускамоўнай адукацыі, не магла чытаць кірыліцай.
Мы паспрабавалі даведацца пра гэтую ініцыятыву ў блогера
«З якой нагоды і дзеля якой мэты вы жадаеце
правесьці тыдзень лацінкі на інтэрнэт-прасторы?»
Нагода? Летась у тыя-ж дні прыхільнікі лацінкі ўжо зладзіўшы першы на Беларусі Тыдзень Лацінкі. Мэта, прадусім — папулярызацыя Łacinki дасяжнымі сродкамі, хоць час ад часу пазначыць тэму ў медыйнай прасторы — асабістым прыкладам, альбо піярам — мяккім, альбо на’т скандальным. Некантраляваная актыўнасьць прыхільнікаў лацінскае ґрафікі спрыяе далучэньню да лацінскай эстэтыкі й традыцыі людзей, патэнцыйна прыхільных, якім трэ’ ў добрую зямлю пакласьці адмысловае зерне, даць неабходную інфу (правілы лацінкавага пісьма), інструмэнты (лацінкавая раскладка клавіятуры, праґрамы-лацінізатары) й даць магчымасьць «патрэніравацца» ў лацінкавым пісьме сярод лаяльных Лацінцы людзей, адразу-ж пракансультавацца ў дасьведчаных па якіх пажадае пытаньнях… Урэшце, так і пашыраюцца шэрагі апаляґетаў, што паслугуюцца з Лацінкі ўвесь год, а не дзень ці тыдзень — хоць патроху, але «для душы»!
«Колькі чалавек, на вашую думку, могуць прыняць удзел у праекце? Ці шмат карыстальнікаў, напрыклад, гэтага сэрвісу, вы ведаеце, якія з упэўненасьцю вас падтрымаюць?»
З упэўненасьцю можна казаці, прынамсі, пра частку чальцоў адмысловай суполкі Lacinka. Апроч інфармаваньня LJ-супольнасьці, таксама пэўным чынам інфармацыя падаецца ў сістэму VKontakte. У любым выпадку, ня ведаю нікога, хто мог бы даць статыстыку па колькасьці меркаваных, і на’т, постфактум, фактычных удзельнікаў акцыі. Са свайго боку, проста кладу лацінскае зерне ў зямлю Вялікае Літвы, аддаючы астатнюю справу й плады ейныя ў наступнасьці — Пану Богу…
«Ці не застанецца яна назаўсёды толькі ў карыстаньні юзэраў інтэрнэту?»
Канешне, не застанецца! Бо ўжо пэўны час, як Лацінка ў розных сваех адменах наяўная ў рэяле: да прыкладу, пры лацінізацыі асабістых імёнаў, ґеаґрафічных тапонімаў, назваў вуліц і г.д.…
«Што, па вашым назіраньням, адбываецца зараз ў байнэце, лацінка набывае папулярнасьць ці, наадварот, страчвае яе?»
Як на мае вочы — набывае. Толькі трэ’ мець на ўвазе — ўсё гэна адносныя рэчы. Як падаецца, колькасьць ужывальнікаў Łacinki пэўным чынам пабальшэла ў параўнаньні, напрыклад, з рокам 2006-ым (пра прычыны можна толькі згадкі свае высоўваць). Але — нажаль! — колькасьць гэная ’шчэ не такая значная, каб выраз «лацінка набывае папулярнасьць» можна была б назваць карэктным… :) Колькасьць прыязных да Лацінкі бальшэе, але-ж да папулярнасьці ’шчэ йсьці ды йсьці…
«Якія перспектывы мае сёння лацінка ў Беларусі?»
Прадусім, зазначу: ініцыятары Дзён Лацінкі й Тыдняў Лацінкі ставяць прад сабою мэтай менавіта папулярызацыю Łacinki й набліжэньне часоў, калі лацінская ґрафічная сыстэма мецьме ў РБ роўны статус і роўныя правы з кірылічнаю ґрафічнай сыстэмай. Гэта падобнае да змаганьня беларускамоўных за рэяльнае раўнапраўе ў РБ адносна расійскае мовы (толькі ў нашым выпадку — роўные правы лацінкі з кірылкаю трэ’ ня проста бараніць, але й, дзеля пачатку, набыць іх — правы тыя!). Ані ў якім разе ня кажам: «Tolki Łacinka!» — але-ж: «Як хто жадае шырока паслугавацца з Лацінкі, мусіць мець таку магчымасьць, і нішто, ніхто не павінны яму замінаць у рэялізацыі гэнага права!».
Недабразычліўцы могуць казаць: «Давайце ’шчэ „кетабы“ ўвядзем». Пытаньне абсалютна некарэктнае! Ня чуўшы ’шчэ, каб тутэйшыя расейскамоўныя мусульманы раптам сталіся беларускамоўнымі й паставілі пытаньне адраджэньня тутэйшай арабскай ґрафікі для беларускае мовы. Паводзіны некаторых Беларусаў, некаторых прыхільнікаў кірылкі адносна беларускае лацінкі — ’бы паводзіны простых, ці нават беларускамоўных, маскалёў: «Гавари са мной па-нармальнаму! Пишы са мной, как я хачу!». Скажыця мне, Кірылы да Міфодзіі, як шмат вы ў побыце карыстаецеся зь беларускае мовы, як шмат вы ёй пішыце тамака, дзе ня проста трэба прадэманстраваць вашую абазнанасьць у пытаньнях «дж», «дз» і «у кароткага»? Ці вы сапраўды сьвядомей за «сьвядомых», змагарысьцей за «змагароў»?
У мяне ў стужцы пішуць і кірылкай, і лацінкай, па-беларуску, па-расейску, па-англійску, па-ўкраінску, па-польску, па-літоўску, па-латыску, па-кыргіску. Калі не разумею — йду далей, калі штосьці разумею — і тоедобра. Але-ж не плюю — ’бы маскаль — людзям у душу, не наўчаю іх «слушнае мовы». Чытаю й наркамаўку, і тарашкевіцу, і кірылку, і лацінку — ўва ўсіх адменах. Бо разумею ўсё! А чаму разумею? Бо нармальна стаўлюся, і сам прагнуў некалі вучыцца беларускае мовы. Лацінцы, дарэчы, наўчыўся ў 1―2 дні. І як хто наракае, што лацінка — сяка-така незразумелая, «галава баліць» — «нечего на зеркало пенять». І няма чаго маскалём наракаці, як самі часам — ’бы маскалі...
«Што значыць лацінка менавіта для вас?»
Для мяне Лацінка — менавіта тая ґрафічная сыстэма, якой душа аддае перавагу :) Лацінкаю пішу — бо так хочацца, кірылкаю — бо змушаны вонкавымі ўмовамі, калі лацінскую ґрафіку, збольшага, не чытаюць на’т Беларусы, а кірылічны допіс па-беларуску некаторыя на’т у Расеі й ва Ўкраіне прачытаюць.
Апрача, маю безпасяроднае дачыненьне да папулярызацы тут лацінкавае ґрафікі: саўдзел у зладжаньні рок таму першага Tydniu Łacinki й стварэньне адмысловае раскладкі для кампутарнай клавіятуры «Keyboard Lithuaniae 1009-2009»… :)
“І памятайце, што разам гэта зрабіць будзе лягчэй і весялей !” , - выказваюццца ініцыятары.
Што такое «Keyboard Lithuaniae 1009-2009» і падрабязнасьці, тлумачэньні й кансультацыі:
«21―27 studzienia — Tydzień Łacinki 2009» :) можна даведацца тутака http://nicolaev.livejournal.com/1000648.html
Прэс-цэнтр праекта “Зрабі падарунак Беларусі – пераходзь на беларускую мову”
Ірына Хамрэнка (
(1) – Вытрымкі з гісторыі лацінкі ўзяты з Wikipedia
Артыкул напісаны неафіцыйным правапісам.